Home

Рэклама

Наладка

27 Снж 2008

2008 год

Ці быў гэты год нешчаслівым?
Уяўляю яго нейкаю істотаю, што вельмі моцна маркоціцца. Бо было з-за чаго.

Максімовіч

Jaki niaszczasny czalawiek.

Кісялёў


      Усё жыццё працаваў, апантана і самааддана. Ці было ў яго
жыцці нешта іншае, апрача працы? Сям'я? Так. Ці меў ён вольны час? Сумняваюся. Усё, заставалася пасля ўладкавання сямейных спраў, было скіравана на працу. З ім можна было размаўляць толькі пра працу. А ведаў ён шмат. У галаве - цэлая энцыклапедыя. (Дзе яна цяпер?) І пры гэтым ніколі не было ў яго жадання паказаць сваю зверхнасць, свой большы досвед. Наадварот, у першую чаргу актуалізаваў тваё. Нават пра твае памылкі гаварыў як пра нешта нязначнае, але так, што ты сам прызнаваў гэтыя памылкі.
Рэдкі чалавек, што не імкнуўся да славы. Зрэшты, навошта яму было імкнуцца да славы? Ён яе меў. І разумеў, што ў Беларусі літаратуразнаўца знаходзіцца на перыферыі грамадства.
 
Дакладнасць і пунктуальнасць - важнейшыя рысы ягонага характару.
Вядома, памыляўся. Але зусім не страшна, што ягоныя адкрыцці, ягоны Равінскі і Вераніцын, у хуткім часе з класікаў беларускай літаратуры стануць звычайнымі людзьмі (бо мы адшукаем сапраўдных аўтараў паэм). Новае стане магчымым толькі дзякуючы ягоным напрацоўкам. Так, ён сцвердзіў аўтарства Равінскага і Вераніцына, але ў прыватнай гаворцы прызнаваў, што яго высновы - не ёсць ісціна ў апошняй інстанцыі. Што яны - адно найбольш верагодныя прэтэндэнты на аўтарства.
І няраз прасіў: шукай Вуля!!! Шукай усё, што звязана з Вулем.
І ў нашай апошняй размове (канец верасня) настойліва раіў: шукай Вуля!
На жаль, просьбу ягоную выканаць пакуль не ўдалося.  Апавядаў яму, што прагледзеў, якія матэрыялы на маім стале, а ён адно сваё: Шукай Вуля! 
Як выканаць вашую просьбу, Генадзь Васільевіч?
Чаму Вуль такі няўлоўны?!

26 Снж 2008

Казбярук

Уладзімір Казбярук, які адзначыў сваё 85-годдзе, надрукаваў у часопісе "Роднае слова" (2008, №8) артыкул "Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: творчыя кантакты і рэмінісцэнцыі".
Шмат што здзіўляе.
І век пражыў доўгі, і разумна разважае пра літаратуру. Шэраг трапных назіранняў. Напрыклад, удакладненні да верша У.Сыракомлі "Добрыя весці".
Але будучы дакладным у дробязях, У.Казбярук памыляецца ў галоўным. Памыляўся ўсё жыццё, памыляецца і цяпер.
Даследчык гвалтам цягне чытача ў савецкую эпоху з яе ідэалагічнымі штампамі. Абараняе гэтыя штампы, абараняе канцэпцыю сваіх кніжак, выдадзеных у 70-я гг., мадэрнізуючы свае ранейшыя погляды.
Ён зноў сцвярджае: вось вам ваша беларуская літаратура з яе простым беларускім мужыком і простай беларускаю моваю, а вось гэта - не ваша, небеларуская. (Памятаю, як заўзята выступала супраць "простага беларускага мужыка" Л.Тарасюк. На дзвярах аўдыторыі, у якой яна прымала іспыт, вывешваўся аркуш паперы з надпісам, што тут забараняецца ўжываць выраз "просты беларускі мужык").
А каб выглядала пераканаўча, У.Казбярук спасылаецца на аўтарытэты. Прычым, спасылкі вырываюцца з кантэксту. Бярэцца толькі тое, што патрэбна аўтару. А таму безапеляцыйна сцвярджаецца: "У першай палавіне ХІХ ст. беларуская нацыянальная ідэя пакуль што яшчэ адсутнічае". Яшчэ горш атрымліваецца з канкрэтнымі пісьменнікамі. Паводле У.Казберука, у чытача складваецца ўражанне, што і Я.Чачот, і Я.Баршчэўскі, і.У.Сыракомля, і В.Дунін-Марцінкевіч - небеларускія літаратары, бо іх творчасць моцна прасякнута польскім зместам, а А.Рыпінскі ўвогуле прысвяціў сваю кнігу "першаму з беларускіх мужыкоў, які навучыцца спачатку чытаць, а затым гаварыць і думаць па-польску". Гэта, відавочна, жахлівае злачынства.
Хто ж тады беларускія пісьменнікі ХІХ ст.? Дзе ж тады тая беларуская літаратуры ХІХ ст.?
Усе ж тыя, каго называе ў сваім артыкуле У.Казбярук, адно "польскія пісьменнікі, якія жылі на Беларусі".
Бедная беларуская літаратура!
Пра яе пішуць як пра нейкую значную з'яву, пра яе стылі і плыні, зусім не памятаючы, што ўласнабеларускіх пісьменнікаў ў ХІХ ст. не было. Перадусім іх назваць не могуць!
Такое было савецкае беларускае літаратуразнаўства. Так засвоіў У.Казбярук паўстагоддзя таму. Засвоіў добра, навек, бо да таго ж колісь хадзіў у польскую школу, якая вучыла, што ўсе пісьменнікі з земляў былое Рэчы Паспалітае - польскія.
А сёння трактуе чытача даўняй трасянкаю, заплюшчыўшы вочы, што цяпер на каляндары іншы час і іншыя погляды дамінуюць у сучаснай беларускай літаратуразнаўчай навуцы.
Чаго варты такія сцверджанні, як: "па сутнасці не было літаратурнага працэсу", "у другой палове ХІХ ст. беларуская літаратура пачала адраджацца на перакрыжаванні культур і літаратур"? Як гэта так? Калі адсутнічаў літаратурны працэс, дык адкуль узяліся беларускія мастацкія творы ХІХ ст.? У.Казбярук пярэчыць сам сабе: нават назва яго артыкула сведчыць, што літаратурны працэс існаваў!
Савецкі тэзіс пра адраджэнне беларускай літаратуры пасля "воссоединения" Беларусі з Расіяю У.Казбярук мадэрнізуе паводле свае волі, пераносіць гэтае адраджэнне на другую палову ХІХ ст. А што было з беларускай літаратурай у першай палове ХІХ ст.? Яна знаходзілася ў летаргічным сне? (Раней такое сцвярджалася пра XVIII ст., г.зн. пра час да "воссоединения"). Ці яна адраджалася на неперакрыжаванні культур і літаратур? А можа проста была ў заняпадзе? Апошняе найбольш верагодна. Перадусім, У.Казбярук так некалі і зборнік тэкстаў ХІХ ст. назваў, і такую канцэпцыю адстойвае ў дадзеным артыкуле.
Ну, падабаюцца яму аднаязыкія беларусы і ўсё тут. Вядома ж, простыя беларускія мужыкі. У лапцях і з каўтуном. Які ў іх літаратурны працэс, якая ў іх літаратура?!! Цешцеся, што былі ў заняпадзе, а пасля пачалі адраджацца. Каб пад кіраўніцтвам старэйшага брата (чытай: партыі Леніна і Сталіна) урэшце дасягнуць росквіту.
Прыкра пісаць такое пра чалавека, які больш за паўстагоддзя шчыра даследаваў беларускую літаратуру, выявіў і апублікаваў шэраг невядомых тэкстаў ХІХ ст., пашыраў беларускую прысутнасць у свеце. Але нашыя заўвагі носяць не асобасны характар, а закранаюць праблему канцэптуальнага асэнсавання беларускага прыгожага пісьменства. Мы кажам пра заганнасць створанае (не У.Казберуком, дарэчы) канцэцыі, якую У.Казбярук усё жыццё імкнуўся ажывіць, напоўніць сэнсам.
Ён свята верыць у гэту канцэпцыю сам і хоча, каб усе іншыя таксама верылі ў яе.

19 Снж 2008

Мацяш

Яшчэ адна смерць...

Лойка

   Пахавалі яшчэ аднаго працаўніка, апантанага літаратурай і Беларуссю.          
Усё свядомае жыццё яго прайшло ў магутным сілавым полі гэтых планет - Беларусі і Літаратуры.
Вечная памяць.

Сябрам

Адкуль вы, непагадзь, беды,

завыванні вятроў?..

Я не магу без бяседы,

я не магу без сяброў!..

Мне вятрыска — не сябар,

не сяброўка слата,

Піліпаўкі чорны табар,

цемрадзі глухата, —

не ім жа мая сасонка

цягне галінкі страсе,

чакаючы гамонкі

аб праўдзе, любові, красе,

і, быццам рукою, здыме

непагадзяў кілім,

прагная долі Радзіме,

свету ўсяму і ўсім...

Дык дзе ж вы, сябры-непаседы

з блізкіх і дальніх бароў?..

Цяжка мне без бяседаў,

пакутліва без сяброў!..

18 Снж 2008

Анатоль Ярмоленка

Ці ёсць у Беларусі лепшы голас, чым у яго?
Магчыма, ёсць. Але па-беларуску сёння ніхто не спявае лепей.

17 Снж 2008

Гліняны Велес

А хто вылучаў кандыдатаў на Велеса?
Аркуш? І сам жа назаве пераможцу?
Дык тады гэта прэмія Аркуша!

07 Снж 2008

"Рамантычны" правапіс

Прапаную новае азначэнне "тарашкевіцы"  - "рамантычны правапіс". Разумею, што гэты правапіс меў колісь мажлівасць стаць класічным. Яго нават і называлі авансам так. Але класічным ён не стаў ні ў 20-я гады, ні зараз (не былі выдадзены слоўнікі!!!). А таму гэтак званая "наркамаўка" выціснула "тарашкевіцу" з "класічнае" гасподы і ўпэўнена заняла належнае "тарашкевіцы" месца.
Дык "тарашкевіца" можа прэтэндаваць адно толькі на найменне "рамантычнага правапісу".
Адмова "Нн" ад "тарашкевіцы" да "наркамаўкі можна разглядаць як пераход ад "рамантычнага правапісу" да правапісу рэалістычнага.

У вакууме

І паветра ёсць, і да паветра, але адчуванне, што знаходжуся ў вакууме.
Ці патрэбна каму тое, што ты робіш?

Адравонж і Млынка

Хто ёсць хто? Дзе адзін, а дзе іншы?
Можа, хто жапаможа?

06 Снж 2008

Мікола

Бацька і маці шанавалі гэтае свята, памяталі пра яго. Але пра нейкія там падарункі на Міколу і гаворкі не было. Пэўна, самі ў  дзяцінстве не мелі іх.

Рэклама

Наладка